Спявачка выконвала песні пад гітару, пераплятаючы музыку з гісторыямі пра выступы, узнікненне песень, свае стаўленне да аўтараў тэкстаў і вершаў (Кася Камоцкая выконвае ў асноўным творы на чужыя вершы).
«Міхал (Анемпадыстаў), напішы мне тэкст пра каханне, я ж жанчына, ў рэшце рэшт, – паведала бардэсса гісторыю ўзнікнення адной з песен у яе рэпертуары. – Праз два дні ён прыносіць мне тэкст, які пачынаецца словамі “я люблю…”».
Такім чынам з’явілася на свет песня «Мая краіна»:
«Мая Краiна пад белым сьнегам
Мая Краiна пад белым сьцягам
Пад белым сьцягам з чырвонай стужкай…»
Спадарыня Кася адказала на шэраг пытанняў. У прыватнасці, яна распавяла аб сваім стаўленні да фестываляў беларускага року, якія праходзяць па-за межамі краіны. Адзіным нармалёвым з іх Камоцкая лічыць
«Басовішча».
«Be2gether», па словах спявачкі, з’яўляецца цалкам камерцыйным праектам, а да «Be Free» яна ўвогуле ставіцца адмоўна:
«Мне не падабаецца, калі грошы, якія выдаткоўваюцца на развіццё беларускага року, расходваюць на тое, каб выехаць самім і вывезці фэнаў у іншую краіну. Лепш было б патраціць гэтыя сродкі на студыйныя запісы і выданне кружэлак».
У бліжэйшых планах Камоцкай-прадусара – праца над стужкай, прысвечанай Уладзіміру Караткевічу.
«Вельмі прыемна выступаць у Полацку, – цытуе Касю Камоцкую сайт
budzma.org. – Бачна, што культурны горад. Перад выступам мяне папярэдзілі, што будуць прадстаўнікі мясцовай улады, што мяне засмуціла. Увесь канцэрт думала – хто ж з іх? І ніколі б не адгадала, што прадстаўнік улады – менавіта тая дзяўчына, якая не толькі прыхільна задавала пытанні, але і дыск выйграла. Такая мілая, зусім не падобная да чыноўнікаў, якіх я дагэтуль сустракала... Я б назвала гэты канцэрт выступам-размовай. Доўжыўся ён больш за дзве гадзіны. Спакойна і прыемна выступаць перад добразычлівымі людзьмі».
Ініцыятарам і арганізатарам імпрэзы выступіў мясцовы рок-клуб «Live in Rock» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма».